Новости строительства

У Мінску пачалі скупляць кватэры коштам да мільёна долараў і даражэй

17.03.2011 г.

Днямі асобныя інфармацыйныя агенцтвы распаўсюдзілі звесткі аб тым, што ў Мінску пачалі актыўна скупляць супердарагія кватэры коштам да мільёна долараў ці нават даражэй... Няўжо ў сталіцы ёсць такая элітная нерухомасць? Па кваліфікаваны каментар мы звярнуліся да старшыні савета Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць", кіраўніка агенцтва "БелЦТН" Мікалая Прасталупава.

У Мінску ёсць жыллё і коштам больш за 2 млн USD

Адразу нагадаю, што перад тым, як звярнуцца да нашага прафесійнага эксперта, я прагледзеў інфармацыйны рэсурс Нацыянальнага кадастравага агенцтва, якое рэгіструе здзелкі куплі-продажу аб'ектаў нерухомасці.

Самымі дарагімі аб'ектамі жыллёвай нерухомасці, якія былі прададзены фізічным асобам, сёлета сталі вялікія па плошчы шматпакаёвыя кватэры, кошт якіх дасягаў больш як 600 млн рублёў. Пятае месца ў рэйтынгу НКА займае кватэра па вуліцы Шэлеша, 21 з агульнай плошчай 116 квадратных метраў, якую зарэгістравалі, як прададзеную за 604 мільёны рублёў. За 632 мільёны была прададзена кватэра па вул. Смаленскай, 25 агульнай плошчай 178 "квадратаў". Потым ідзе кватэра плошчай 106 квадратных метраў па Старавіленскім тракце, 10 — за 663 мільёны рублёў. Другое месца самага дарагога жылля займае невялікая кватэра па вул. Пуліхава, 29, агульная плошча якой складае ўсяго 98 квадратных метраў — 739 млн рублёў. Самая дарагая кватэра за два першыя месяцы года зарэгістравана кадастравым агенцтвам 21 лютага. Кватэра плошчай 155 квадратных метраў па Лагойскім тракце, 10 была прададзена за 815 млн рублёў, або прыкладна за 270 тысяч долараў.

Вядома, што гэтыя 270 тысяч "зялёных" для сярэднестатыстычнага беларуса з'яўляюцца завоблачнымі грашамі, аднак дзе кватэры за мільён? Мікалай Прасталупаў адзначыў, што на другасным рынку жыллёвай нерухомасці Мінска сапраўды існуюць часам вельмі дарагія кватэры, коштам мільён ці нават два. Робіцца гэта вельмі проста. Купляюцца дзве або тры-чатыры кватэры на адным паверсе ў цэнтры Мінска. Потым робіцца перапланіроўка, і кватэры аб'ядноўваюцца ў адзін аб'ект агульнай плошчай 150—230 квадратных метраў. Робіцца дызайнерскі праект, дзе кухня ўжо 25 квадратных метраў, некалькі ванных пакояў і г.д. У такіх кватэрах сучасная, лепшая ў свеце мэбля і бытавая электроніка. Не, сёлета спадар Прасталупаў кватэры за мільён долараў не дапамагаў прадаваць, аднак дакладна ведае, што такое жыллё на рынку ёсць. Існуе на такія кватэры і кропкавы попыт. Пасля продажу такіх кватэр і рэгіструюцца яны потым па іншым кошце, або ўвогуле кошт аб'екта ў рэгістры адсутнічае.

Зразумела, што кватэры коштам а-ля мільён нейкаму звычайнаму пакупніку з вуліцы ніхто прапаноўваць не будзе. Тут сярод уладальнікаў падобнага дарагога жылля існуе свая сістэма рэкламнай прапановы і канчатковага разліку.

У свабодным продажы кватэры да 500 тысяч USD

Згодна з інфармацыйным каталогам выдання "Нерухомасць Беларусі", самай дарагой прапановай другаснага жылля з'яўляецца трохпакаёвая кватэра па праспекце Незалежнасці, 12 агульнай плошчай 151 квадратны метр за 435 тысяч долараў. Сярод не вельмі вялікіх кватэр адзначым двухпакаёвую кватэру па вул. Харужай, 34-а плошчай 72 квадратныя метры за 230 тысяч долараў. А вось самая танная двухпакаёўка агульнай плошчай каля 32 квадратных метраў прапануецца па вул. Лермантава, 35 за 43 тысячы долараў.

Самая дарагая аднапакаёвая кватэра на свабодным рынку мае агульную плошчу 41,6 квадратнага метра. Такая кватэра па праспекце Незалежнасці, 14 каштуе 90 тысяч долараў. Па рэкламных праспектах самая танная аднапакаёўка прадаецца па вуліцы К. Лібкнехта, 99. Жылое памяшканне плошчай 32,3 квадратнага метра каштуе 36,5 тысячы долараў.

У рэгістры кадастравага агенцтва мы адшукалі адну кватэру па вул. Бяды (50 кв. м) усяго за 30 млн рублёў... Мікалай Прасталупаў адзначыў, што ў Мінску кватэры столькі не каштуюць. Гэта нейкая шэрая здзелка ці аперацыя з папярэднімі ўзаемаразлікамі па схеме абмену.

Увогуле, самыя танныя аднапакаёвыя кватэры плошчай каля 33 квадратных метраў і коштам 30-32 тысячы долараў абавязкова з'яўляюцца праблемнымі. Гэта жыллё пасля пажару, або там доўгі час жылі асацыяльныя асобы, старыя людзі разам з хатнімі жывёламі і г.д.

Источник: TUT.BY



Предыдущая новость
17.03.11 Источник свежих идей для бизнеса откроется в Бресте

Следующая новость
18.03.11 СЕКРЕТЫ КАРКАСНОГО ДОМОСТРОЕНИЯ



Смотри также: Все новости >>
Подписаться на рассылку новостей портала >>

Рейтинг@Mail.ru

наверх